Кантакты

222517, Мінская вобл., г. Барысаў,

вул. Н-Нёман, 22, т. (177) 72-38-96
эл.-пошта: bor.belgim2@tut.by 

Энергосбережение

Самы складаны месяц вучэбнага года?

Завяршыўся 2016 год, які ў  Беларусі быў аб’яўлены Годам культуры. Шмат цікавых і значных культурных падзей адбылося ў нашай краіне ў гэтым годзе: знакавыя юбілеі беларускіх пісьменнікаў, кампазітараў, артыстаў,  юбілей  фестывалю  мастацтваў “Славянскі базар”. Год культуры  закрануў многія  сферы дзейнасці, але асаблівая ўвага надавалася творчай  моладзі і  калектывам, якія прапагандуюць беларускую культуру, традыцыі, знаёмяць з нацыянальнай спадчынай не толькі ў  Беларусі, але і за яе межамі.

Як прынята, у канцы  года  падводзяцца вынікі праведзенай работы, аналізуецца зробленае, плануецца работа  на будучыню.

А якім  быў Год культуры для творчых калектываў і настаўнікаў Дзяржаўнай установы адукацыі ”Беларускамоўная гімназія №2 г.Барысава”?У гімназіі створаны ўсе ўмовы для творчага  развіцця вучняў у  розных галінах мастацтва. На занятках займаецца 320 вучняў. Выяўленчае мастацтва і харэаграфія, вакал і тэатральная дзейнасць - гэта асноўныя віды мастацтва, у якіх творчыя калектывы  гімназіі  займаюць прызавыя месцы не толькі ў раёне ці вобласці, але  ў рэспубліцы і за мяжой.

Вядома, што саломапляценне і аплікацыя з саломкі з’яўляюцца   візітнай карткай нашай краіны. У нашай установе майстэрствам саломапляцення  вучні авалодваюць, наведваючы  ўзорны калектыў мастацкай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Захапленне” пад кіраўніцтвам Дзядковай Людмілы Мікалаеўны. У гэтым відзе творчасці яны маюць значныя поспехі.Удзельнікі ўзорнага калектыву  ў рэспубліканскім конкурсе “Юныя таленты Беларусі”, які праводзіўся ва ўстанове адукацыі “Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы  цэнтр “Зубраня”,  атрымалі  гран-пры “Крыштальны зубр”, два дыпломы I ступені і дыплом  II ступені. Паспяховым для іх стаў і ўдзел у рэспубліканскай выставе-конкурсе дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Калядная зорка”: калектыў атрымаў  два дыпломы ІІ ступені. А юная мастачка Рыжэнка Дар’я   ў рэспубліканскім конкурсе дзіцячага малюнка “Пасябруй са спортам“ была ўзнагароджана дыпломам І ступені.

Згадзіцеся, не ў кожнай установе адукацыі  ёсць студыя пясочнай анімацыі. У нашай гімназіі  дзіцячай  студыяй  «Пясочныя гісторыі” кіруе Меранкова Іна Барысаўна. Гэта ўнікальны від мастацтва, які аб'ядноўвае  гульню, навучанне і  выхаванне.  Маляванне пяском - цікавы і вельмі «жывы» занятак, які захапляе  як дзяцей, так і дарослых. Удзельнікі студыі разам з таленавітым настаўнікам  паспяхова ўдзельнічаюць у мерапрыемствах, конкурсах і фестывалях рознага ўзроўню. У Год культуры яны дастойна  прадставілі сваю творчасць у міжнародным конкурсе пясочнай анімацыі “Казкі свету”, дзе  атрымалі два дыпломы ІІІ ступені.  Удзел у  рэспубліканскім конкурсе “Залатое пяро Белай Русі” прынёс чарговую перамогу: на  ўсіх этапах конкурсу - дыпломы І ступені. Дыпломам ІІ ступені студыя пясочнай анімацыі адзначана ў рэспубліканскім конкурсе  “Пасланне настаўніку”. А яшчэ  дыплом ІІІ ступені ўдзельнікі студыі атрымалі за карнавальны касцюм Снягуркі  на рэспубліканскай выставе-конкурсе дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Калядная зорка”.

Заняткі харэаграфіяй у гімназіі  заўсёды былі  папулярнымі сярод вучняў усіх узростаў.  Творчыя  настаўнікі Казак Юлія Іванаўна і Шаціла Юлія Аляксееўна не проста  выкладаюць гэты прадмет, а шукаюць нестандартныя, цікавыя для вучняў формы навучання. Адметнай рысай дзейнасці харэаграфічных калектываў “Аверс”, “Аксаміт” з’яўляецца захаванне лепшых народных харэаграфічных традыцый беларускай   культуры, якія дапаўняюцца спартыўнымі танцамі. Такі незвычайны сінтэз кірункаў дазволіў ансамблю  “Аверс” у міжнародным фестывалі–конкурсе “Прыбалтыйская восень” у дзвюх намінацыях “Сучасны танец” і “Народны танец. Стылізацыя”  атрымаць дыпломы І ступені. На рахунку гэтага калектыву  – дыплом І ступені   чэмпіянату  Беларусі па сучаснай харэаграфіі “Адкрыты кубак Беларусі па чырлідынгу 2016”. Не ўступае “Аверсу” і харэаграфічны ансамбль “Аксаміт”, які  прадставіў горад Барысаў на міжнародным танцавальным фестывалі “Dance Expo 2016” і атрымаў дыплом ІІІ ступені. Харэаграфічныя ансамблі “Аверс”, “Дарлінг” , “Аксаміт “ маюць яшчэ дыплом I ступені і два  дыпломы II ступені ў адкрытым фестывалі-конкурсе харэаграфічнага мастацтва “Танцавальны серпанцін”.

Год культуры адметным стаў і для  ўзорнай вакальнай студыі ”Элегія” пад кіраўніцтвам Клепікавай Таццяны Аляксееўны. У рэпертуары  студыі песні розных жанраў: патрыятычныя, акадэмічныя, эстрадныя, народныя ў сучасных апрацоўках. Але асноўны рэпертуар - песні беларускіх кампазітараў. І таму  салістка ансамбля  Савіцкая Ірына і вакальны ансамбль “Заранак” у фінале ХІХ рэспубліканскага тэлевізійнага фестывалю армейскай песні “Звезда” выступалі з беларускім рэпертуарам. Чысцінёй голасу і тэхнікай выканання яны змаглі  перадаць меладычнасць і прыгажосць беларускай песні, чым кранулі членаў  журы конкурсу і атрымалі дыпломы І і ІІІ ступені.

Вось такім яркім і насычаным перамогамі быў Год культуры для творчых калектываў Дзяржаўнай установы адукацыі “Беларускамоўная гімназія №2 г.Барысава”.

2017 год аб’яўлены Годам навукі, але мы ўпэўнены, што ён будзе такім жа адметным  і багатым на перамогі.

 

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце  В.М. Вафіна