Кантакты

222120, Мінская вобл., г. Барысаў,
вул. Н-Нёман, 22, т. (177) 72-38-96
эл.-пошта: bor_belgim2@rambler.ru

Энергосбережение

Самы складаны месяц вучэбнага года?

Мы  -  Грамадзяне Беларусі!

 

15 сакавіка, у Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, на базе ДУА «Гімназія №1 г. Барысава» ў рамках усебеларускай патрыятычнай акцыі «Мы – грамадзяне Беларусі!» 3 вучняў з нашай гімназіі  прынялі ўдзел ва ўрачыстай цырымоніі ўручэння пашпартоў лепшым навучэнцам устаноў адукацыі Барысаўшчыны. Ганаровымі госцямі на цырымоніі былі: старшыня Барысаўскага райвыканкама В.В. Мірановіч, старшыня райннай арганізацыі "Белая Русь" У.Д.Васільеў, дэпутат палаты прадстаўнікоў Т.П.Красоўская.



Патрыятычная акцыя

 

"Я кожную хвіліну беларус, і гэтым ганарусь я!" - такімі словамі пачалася цудоўная патрыятычная акцыя "Мы - грамадзяне Беларусі", прысвечаная Дню Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Вучні, якім споўнілася 14 гадоў, атрымалі падарунак Прэзідэнта нашай  краіны - кнігу "Я - грамадзянін Рэспублікі Беларусь". Дырэктар гімназіі Скурат Алена Віктараўна павіншавала са святам усіх прысутных. Яскравыя нумары падрыхтавалі творчыя калектывы "Аксаміт", "Заранак". Скончылася мерапрыемства выкананнем гімна Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі "Мы маладыя"

 


Квітней Беларусь

 

Пад такой назвай для вучняў 2-х класаў прайшоў 6 школьны дзень, прысвечаны Дню Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Вучні чыталі вершы пра Беларусь, адгадвалі рэбусы і загадкі, выконвалі цікавыя заданні


Гучы роднае слова

Сёння ў нашым рознакаляровым і рознагалосым свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моваў. Палова з іх знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Менавіта дзеля іх захавання 21 лютага і быў абвешчаны Днём роднай мовы.

Гэта свята – нагода для носьбітаў любой мовы яшчэ раз задумацца аб лёсе той, адзінай, якую мы завём матчынай, на якой думаем, на якой вымавілі першае слова і на якой размаўлялі нашы продкі.

Няхай сёння родная мова моцная, распаўсюджаная, абароненая заканадаўствам, але няма гарантыі, што ўжо заўтра яна не трапіць у спіс тых трох тысяч, гатовых знікнуць. Сярод якіх, на жаль, знаходзіцца і наша мова.

Беларуская мова прайшла доўгі гістарычны шлях, на якім былі як часы росквіту, так і часы заняпаду. Былі нават такія перыяды, калі яна ледзь не знікла. Нашы бацькі, дзяды і прадзеды нямала зрабілі, каб беларуская мова была прызнаная як роўная сярод іншых моў свету.

Будзь жа разам з тымі, хто думае пра яе будучыню. Размаўляй па-беларуску, бо заўтра наша мова табе, тваім дзецям і ўнукам стане неабходнай. І не саромейся недасканалай гаворкі. Мова – жывая існасць, якая жыве там, дзе ёсць людское жаданне. Ведай: учора ты яшчэ не гаварыў па-беларуску, сёння размаўляеш на «трасянцы», а заўтра будзеш гаварыць на чыстай літаратурнай мове. А дзеля пачатку дастаткова зусім мала – проста паспрабаваць адзіны дзень у год, напрыклад, 21 лютага, з калегамі, сябрамі, роднымі, размаўляць па-беларуску.

“Не саромся, беларус, гаманіць па-свойму — на роднай мове бацькоў і дзядоў сваіх. Шануй сваю мову, шануй свае песні, свае казкі, звычаі і ўсё роднае — гэта спадчына дзядоў і вялікі нацыянальны скарб. Толькі тады цябе ўсе будуць шанаваць як чалавека, калі сам сябе будзеш шанаваць — калі не адкінеш свайго нацыянальнага ўласнага багацця. А першы скарб нацыянальны — гэта родная мова”. 

20 лютага вучні 6-7 класаў прынялі ўдзел у конкурсе чытачоў "Гучы роднае слова" прымеркаванага да Дня роднай мовы. Вучні падрыхтавалі цудоўныя вершы на беларускай мове. Лепшым стаў 6 "Б" клас. Усе ўдзельнікі атрымалі дыпломы

 


Урок Мужнасці

19 лютага для вучняў 6-8 класаў быў праведзены ўрок Мужнасці. А правёў яго падпалкоўнік у адстаўцы Арцёмаў У.І. Члены піянерскай дружыны гімназіі падрыхтавалі літаратурна-музычную кампазіцыю і расказалі пра подзвіг беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.


Юныя інспектары дарожнага руху

17 лютага атрад юных інспектараў дарожнага руху гімназіі прыняў удзел у раённым конкурсе агітбрыгад па правілах дарожнага руху, які быў  прымеркаваны да 80-годдзя ДАІ Рэспублікі Беларусь. Вучні падрыхтавалі цікавае выступленне: яны  нагадалі прысутным аб правілах дарожнага руху, аб неабходнасці выконваць іх, растлумачылі значэнне дарожных знакаў і правялі гульню "Светлафор". Наш атрад ЮІД дастойна прадставіў гімназію на раённым конкурсе і атрымаў дыплом удзельніка.


Важна ведаць і выконваць

16 лютага для вучняў 8-11 класаў была праведзена адзіная гадзіна інфармавання па тэме "Прававая асвета падлеткаў" у рамках абласной акцыі "Сябруем з Законам". Перад вучнямі выступілі дырэктар гімназіі Скурат А.В. і намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ракіцкая К.І. Алена Віктараўна паведаміла вучням пра узровень правапарушэнняў і неабходнасць выконвання заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Кацярына Ігараўна растлумачыла асноўныя артыкулы адміністратыўнага і крымінальнага кодэксаў.

план акцыі

kissпраглядзець відэаролік "Сябруем з Законам"...


Акцыя "ЗА любімую Беларусь"

З 12 па 14 лютага ўсе вучні і настаўнікі змогуць прыняць удзел у рэспубліканскай акцыі "За любімую Беларусь". Для гэтага неабходна вырабіць з каляровай паперы сэрца, напісаць на ім пажаданні сваёй краіне і размясціць яго на стэндзе ў фае першага паверха. 

Лого 01


Юныя героі-антыфашысты

Традыцыйна 8 лютага ў гімназіі праводзіцца збор піянерскай дружыны, які прысвечаны Дню юнага героя-антыфашыста. У гэтым годзе піянеры з 6 "А" класа падрыхтавалі і правялі гадзіну інфармавання для акцябрат 3-4 класаў. Яны паведамілі, чаму менавіта 8 лютага праводзяцца мерапрыемствы і расказалі пра  подзвігі піянераў-герояў.  


Агітацыя ў БРСМ

9 лютага педагог-арганізатар Пушкіна А.Г. і намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ракіцкая К.І. правялі агітацыю па ўступленні ў пярвічную арганізацыю БРСМ сярод вучняў 8-х класаў. ПА БРСМ гімназіі з'яўляецца адной з самых актыўных і шматлікіх сярод пярвічных арганізацый Барысаўскага раёна. Вучні даведаліся пра гісторыю стварэння БРСМ, акцыі і мерапрыемствы, якія праводзяцца актывістамі. Праглядзелі відэаролік з удзелам пераможцаў акцыі "100 ідэй для Беларусі", нашых былых вучняў Ляпковіча Мікіты . Святочныя мерапрыемствы па ўступленні ў БРСМ пройдуць 12 сакавіка.  


Акцыя "За любімую Беларусь"

Актывісты пярвічнай арганізацыі БРСМ нашай гімназіі прынялі ўдзел у Рэспубліканскай акцыі "За любімую Беларусь". Яны вырабілі прыгожыя  паштоўкі-валянцінкі. А 9 лютага пройдзе гімназічная акцыя, дзе ўсе жадаючыя змогуць прыняць удзел і выказаць сваю любоў да Радзімы пры дапамозе чырвона-зялёных валянцінак. 


Музей беларускай культуры

27 студзеня гімназічны музей беларускай культуры наведалі выхаванцы старэйшай групы № 4 дзіцячага сада № 39. Для будучых вучняў нашай гімназіі бібліятэкар Таццяна Маслюкова падрыхтавала азнаямленчую экскурсію. Дзеці ўпершыню ўбачылі лапці, самапрадку, вугальны прас, серп, драўляны і гліняны посуд і шмат іншых прадметаў, якімі карысталіся жыхары нашай мясцовасці.


"Першыя ў раёне"

27 студзеня зборная вучняў 10-х класаў гімназіі з гучнай і цікавай назвай "Каманда 112" перамагла ў раённым конкурсе КВЗ і атрымала магчымасць прыняць удзел у занальных гульнях і прадставіць раён. Тэматыкай КВЗ была пажарная бяспека. Перамагчы было складана. 14 каманд дастойна выступілі ў трох конкурсах: прывітанне, біятлон і музыкальнае дамашняе заданне. Але настойлівасць, упэўненнасць, пленная праца і згуртаванасць калектыву дапамаглі нам перамагчы.

 


Экскурсія ў гімназічным музеі беларускай культуры

   Падчас зімовых канікулаў бібліятэкар гімназіі Таццяна Маслюкова правяла для  вучнў з прышкольнага лагера “Спадчына” экскурсію ў гімназічным музеі беларускай культуры. Вучні разам з настаўніцай 3 “В” класа Касцюковіч Ірынай Мікалаеўнай  пазнаёміліся з экспазіцыяй, прысвечанай беларускаму пісьменніку Янку Маўру. Аўтар у пачатку 20 стагоддя жыў у вёсцы Бытча Барысаўскага раёна і працаваў памочнікам настаўніка.

   Вялікую цікавасць выклікала ў дзяцей этнаграфічная экспазіцыя, у якой размешчаны прылады працы, прадметы быту, адзенне, посуд, якімі карысталіся нашы продкі.


"Дабрачынная акцыя"

Навагодняя дабрачынная акцыя па збору сродкаў "Рука ў руцэ" ў падтрымку дзяцей-сірот, дзяцей-інвалідаў і дзяцей, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, праходзіць у гімназіі ўжо не першы раз. Вучні, настаўнікі, бацькі  з задавальненнем прымаюць удзел у акцыі. У гэтым годзе кожны клас падрыхтаваў  падарунак: канцылярскія прылады, цацкі, рэчы асабістай гігіены, цукеркі. Усе разумеюць, што ніводнае  дзіця не павінна застацца на Каляды і Новы год без падарунка.


"Прыём у акцябраты"

28 лістапада ў актавай зале гімназіі прайшла святочная цырымонія пасвячэння другакласнікаў у акцябраты. На свята прыйшлі вучні разам з татамі і мамамі, бабулямі і дзядулямі. Падчас урачыстасці вучні ўспомнілі законы акцябрат і паабяцалі абараняць сваю прыроду, быць ветлівымі і ўважлівымі, ведаць беларускія абрады, вывучаць гісторыю сваёй рэспублікі, апраўдаць званне “акцябронка”  і рыхтавацца да прыёму ў піянеры. Кульмінацыяй урачыстасці  стаў вынас піянерскага сцяга. Акцябрацкія зорачкі ўручылі піянеры нашай гімназічнай дружыны імя героя Савецкага Саюза Міхаіла Глебавіча Мармулёва. Наша піянерская дружына павялічылася на 83 акцябронка. 

Дырэктар гімназіі Скурат Алена Віктараўна павіншавала юных акцябрат, іх бацькоў і ўручыла камандзірам атрадаў “Красачкі”, “Бусляняты”, “Бацькаўшчына” і “Усмешка” акцябрацкія дзеннікі з першымі даручэннямі. Сардэчна і з цеплынёй павіншавала акцябрат Афонская В.У., мама аднаго з вучняў. Скончылася свята музычным падарункам для прысутных - танцавальным флэшмобам. Вясёлыя і шчаслівыя, з добрым настроем разыходзіліся з гімназіі нашы юныя грамадзяне, будучае нашай краіны.

 


"Цырымонія ўзнагароджання"

27 лістапада  ў гімназіі прайшла  цырымонія ўзнагароджання юных футбалістаў і спартсменаў ДзЮСШ №2. Футбольныя каманды і іх трэнеры атрымалі заслужаныя ўзнагароды за перамогі ў первенстве Мінскай вобласці. Са словамі віншавання звярнуліся намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Скварчэўскі В.М., дырэктар ДзЮСШ №2 Шаркова Г.Р. Святочныя нумары гімназістаў упрыгожылі спартыўнае свята.


"Беларусь спартыўная"

21 лістапада праходзіла пасяджэнне метадычнага аб'яднання настаўнікаў вучэбнага прадмета "Фізічная культура і здароўе" па тэме "Патрабаванні да мер бяспекі пры арганізацыі адукацыйнага працэсу па вучэбным прадмеце "Фізічная культура і здароўе". У пасяджэнні прынялі ўдзел: Караленка А.А., метадыст РУМК, Бахар А.А., кіраўнік раённага метадычнага аб'яднання настаўнікаў фізвыхавання, Хомчанка І.Г., урач УЗ "Барысаўскі раённы дыспансер спартыўнай медыцыны".  Былі разгледжаны пытанні: "Патрабаванні бяспекі і гігіены да месцаў правядзення навучальна-трэніровачнага працэсу і спартыўнаму інвентару", а таксама "Патрабаванні да аказання даўрачэбнай дапамогі пацярпеламу", "Парадак расследавання і ўліку няшчасных выпадкаў з вучнямі".

Пасля пасяджэння метадычнага аб'яднання было праведзена цікавае спартыўнае мерапрыемства з удзелам настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя і вучнямі гімназіі №2, якое сабрала гледачоў розных узростаў. 

 


"Разам з паэтамі помнім герояў сваіх"

У вучэбна-метадычным цэнтры беларускай культуры ДУА “Беларускамоўная гімназія № 2 г. Барысава” для вучняў 10-х і 11 класаў адбылася прэзентацыя кнігі “Помнім герояў сваіх”. У сямідзесяты год Вялікай Перамогі удзельнікі Барысаўскага літаратурнага аб’яднання “Натхненне” падарылі жыхарам свайго горада новы калектыўны зборнік вершаў “Помнім герояў сваіх”. Гэта кніга - памяць трыццаці аўтараў аб мужнасці тых, хто змагаўся за мір на зямлі, аб загінуўшых блізкіх, аб горадзе Барысаве і яго героях, аб жыцці і каханні. Кнігу дапаўняюць васемнаццаць каляровых фотаздымкаў помнікаў г. Барысава. На рахунку членаў літаб’яднання гэты зборнік чацвёрты. На мерапрыемства, дапоўненае кніжнай выставай, бібліятэкары гімназіі Вольга Антаневіч і Таццяна Маслюкова запрасілі трох аўтараў новай кнігі – кіраўніка “Натхнення” Лёлю Багдановіч, аўтара прадмовы да кнігі Генрыету Сяргеенкаву і паэтэсу Валянціну Анкудзінаву, імя якой пачынае кнігу. Тэма вайны не страціла сваёй актуальнасці і цяпер. Вельмі важнае значэне ў патрыятычным выхаванні моладзі маюць сустрэчы з нашымі паэтамі. Выступленні ўсіх гасцей захапілі гімназістаў, кранулі душу. Абавязкова разам з паэтамі будзем помніць герояў сваіх!


Падарожжа ў горад Радзівілаў

Цікавае, пазнавальнае і незабыўнае падарожжа ў горад Радзівілаў Нясвіж здзейснілі вучні ДУА “Беларускамоўная гімназія № 2 г. Барысава” дзякуючы настаўніцы геаграфіі Алене Уладзіміраўне Барташэвіч.

Яшчэ ў дарозе экскурсавод пачала знаёміць дзяцей з родам князёў Радзівілаў. Нямала цікавага было расказана і падчас вандроўкі па Нясвіжскім парку. А потым адбылася доўгачаканая сустрэча з прызнаным помнікам архітэктуры сусветнага значэння – цудоўным Нясвіжскім замкам. Наведалі гімназісты таксама касцёл Божага Цела, якому нядаўна споўнілася 420 гадоў. Давялося пабываць і ў падзямеллі касцёла, дзе знаходзіцца трэцяя па велічыні пахавальня ў Еўропе. Тут пахаваныя семдзесят прадстаўнікоў роду Радзівілаў. Уразіла вучняў і экскурсія па самай старой у Беларусі ратушы – будынка, дзе месціліся гарадскія ўлады. Развітваючыся  з Нясвіжам, праехалі магутную Слуцкую браму 1690 года, якая служыла адным з пяці ўездаў у горад. Прыемна праз падарожжы ўзбагачаць веды аб Беларусі. 


Юныя валанцёры 

18 лістапада юныя валанцёры 5 "Б" класа з задавальненнем прынялі ўдзел у акцыі "Гімназія. Соцыум. Сям'я", якая праходзіла ў рамках Тыдня школы ў соцыуме. Разам з педагогам-псіхолагам Макарэвіч С.В. і педагогам сацыяльным Цэхановіч А.Г. яны распрацавалі і распаўсюдзілі памяткі па пажарнай бяспецы, правілах дарожнага руху, рэкамендацыі па здароваму ладу жыцця і прафілактыцы ўжывання наркатычных сродкаў і СПАЙСа ў мікрараёне гімназіі. Былі наведаны бліжэйшыя магазіны, аптэка і завод агрэгатаў. Дзеці нагадалі дарослым, што клапаціцца аб сваім здароўі і бяспецы патрэбна заўсёды.

 


"Пасвячэнне ў гімназісты"

У суботу 24 кастрычніка 57 пяцікласнікаў былі пасвечаны ў гімназісты і  прыняты ў гімназічную сям'ю. Творчыя калектывы падрыхтавалі цудоўныя музычныя нумары. Пяцікласнікі таксама пастараліся. Яны паказалі візіткі класаў, чыталі вершы, спявалі частушкі і песні аб сваіх аднакласніках.  Падтрымаць  іх прыйшлі бацькі і вучні 4-х класаў - будучыя гімназісты. Гімнам роднай гімназіі вучні замацавалі клятву  і кожны атрымаў пасведчанне "Гімназіст". Дырэктар гімназіі Алена Віктараўна павіншавала ўсіх са святам, пажадала творчых поспехаў у вучобе і пазакласным жыцці. Але на гэтым свята не скончылася. Намеснік старшыні піянерскай дружыны Хорава Эдуарда прапанавала для пяціклашак гульню-квэст. Вучням неабходна было знайсці зашыфраваныя месцы ў гімназіі і выканаць пэўныя заданні.  5 "А" і 5 "Б" справіліся хутка і па выніках гульні атрымалі сюрпрыз - танцавальны флэшмоб. 


Агітацыя ў акцябраты

13 кастрычніка піянеры гімназічнай дружыны правялі для вучняў 2-х класаў агітацыю ў акцябраты. Яны паведамілі другакласнікам аб тым, хто такія акцябраты, якія існуюць правілы акцябрат і правялі рухомыя  гульні на знаёмства. 28 лістапада будзе праведзена святочнае пасвячэнне ў акцябраты.


Найважнейшы дзень для ўсіх

11 кастрычніка 2015года на  выбарчым участку  № 59, які працаваў на базе нашай гімназіі,  выбаршчыкі былі актыўныя. Асабліва шматлюдна  было ў час правядзення святочнай канцэртнай праграмы “Разам са сваёй краінай”. Творчыя калектывы гімназіі пачалі рыхтавацца да гэтай урачыстасці з першых дзён верасня. Таму канцэртная праграма, у   якой  было 24 музычныя  нумары, падняла настрой  самым патрабавальным гледачам. Госці гімназіі гучнымі апладысментамі сустракалі ўзорную вакальную студыю “Элегія “, вакальныя ансамблі   “Натхненне”і “Дамісолька”. Юныя артысты выконвалі  музычныя творы аб Радзіме, родным краі і шчаслівым дзяцінстве. Вакалісты Барауля Уладзіслаў, Савіцкая Ірына, Малашкевіч Эліна ўразілі гледачоў  цеплынёй і шчырасцю  выканання беларускіх песень.   Харэаграфічныя калектывы  “Аверс”, “Аксаміт”, “Дарлінг” узнялі настрой гледачам жыццярадаснымі і жартаўлівымі  танцамі. А для тых, хто любіць  інструментальную  музыку, гучалі меладычныя музычныя творы.  Выступленне юных артыстаў  не пакінула абыякавым ніводнага гледача


Са святам, дарагія настаўнікі!

Шчыра, з цеплынёй і ад чыстага сэрца падрыхтавалі вучні 11 класа для ўсіх настаўнікаў гімназіі святочны флэшмоб "Для вас!". Напярэданні свята яны павіншавалі кожнага настаўніка і падарылі кветкі, салодкія пачастункі і радасны настрой на ўвесь дзень. Вялікі дзякуй Вам, нашы вучні!


Юбілей піянерыі

12 верасня на базе нашай гімназіі прайшоў Юбілейны злёт піянерыі. 190 дэлегатаў з 43 піянерскіх дружын Барысаўскага раёна з'ехаліся для таго, каб падвесці вынікі работы, азначыць планы на будучыню і выбраць новы склад раённага савета піянерскай арганізацыі.

Павіншавалі са святам усіх прысутных загадчык  сектарам выхаваўчай і ідэалагічнай работы аддзела адукацыі, спорту і турызму Барысаўскага райвыканкама І.А. Буднікава і ветэран піянерскага руху В.У. Нячай.

Па выніках галасавання ў новы склад раённага савета БРПА ўвайшлі прадстаўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму, лідары дзіцячага руху Барысаўскага раёна і педагогі-арганізатары ўстаноў адукацыі, у тым ліку і педагог-арганізатар гімназіі Пушкіна А.Г. Старшынёй раённага савета стала В.В. Алісіевіч.

12.30


Вялікі май


Пісьменнік з краіны дзяцінства

     “Пісьменнік з краіны дзяцінства”- так называлася бібліятэчная акцыя, прысвечаная таленавітаму беларускаму пісьменніку Артуру Вітальевічу Вольскаму. Загадчык бібліятэкі Вольга Антаневіч і бібліятэкар Таццяна Маслюкова запрасілі прыняць удзел у ёй вучняў другіх класаў.
     Фінальнай кропкай месячнай працы стала літаратурна-музычная кампазіцыя “Пісьменнік з краіны дзяцінства”.  Пад кіраўніцтвам класнага кіраўніка 2 “Б” класа Старычонак Алесі Раманаўны былі падрыхтаваны вершы паэта, якія чыталі дзеці. Вучням было прапанавана праспяваць песню “Хто я? Дзед Барадзед!”, а таксама азнаёміцца з мультыплікацыйнымі фільмамі “Мая мама - чараўніца”, “Пра ката Васю і паляўнічую катавасію”, аўтарамі якіх з’яўляецца Артур Вольскі. Напрыканцы мерапрыемства Вольга Антаневіч узнагародзіла пераможцаў акцыі. Імі сталі вучні  2 “Б” класа – Багадзяж Любоў, Блажэвіч Вераніка, Вайцяховіч Валерыя, Дамрачова Дзіяна, Дорахава Дар’я, Каваленка Дар’я, Кулікоўская Уладзіслава, Пузыроў Мікіта, Сляпнёва Анастасія, Яраш Мікіта.  Пераможцы атрымалі падарункі і падзякі.
     Мерапрыемства суправаджалася электроннай прэзентацыяй, кніжнай выставай і выставай малюнкаў.


 

Пакуль Чарнобыль у душу глядзіць

Ах, Чарнобыль…Чарнобыль…Чарнобыль!
Неславутая у свеце АЭС!..
Ты ў свае праглынула вантробы
Нашу вёску, і поле, і лес. (А.Грачанікаў)


       “Пакуль Чарнобыль у душу глядзіць” –інфармацыйная  гадзіна, якую прапанавала вучням 5-х класаў загадчык бібліятэкі гімназіі Вольга Уладзіміраўна Антаневіч.
    Вольга Уладзіміраўна расказала вучням пра аварыю на Чарнобыльскай атамнай станцыі, яе ліквідацыю, наступствы. На тэрыторыю Беларусі выпала 70% доўгажывучых ізатопаў, імі забруджана каля 20% усіх сельгасугоддзяў і лясоў – чацвёртая частка ўсёй рэспублікі. На забруджаных тэрыторыях жыве кожны пяты жыхар краіны. З зоны радыусам у 30 кіламетраў ад узарваўшагася рэактара эвакуіравалі ўсё насельніцтва. Пражыванне ў ёй забаронена.
      Навучэнцы нагадалі імёны тых, хто процістаяў самай страшнай бядзе за ўсю гісторыю эксплуатацыі атамных станцый. Гэта Леанід Цялятнікаў, Уладзімір Правік, Віктар Кібянок, Мікалай Вашчук, Васіль Ігнаценка, Мікалай Ціцянок і яшчэ 10 000 ліквідатараў.
       Мерапрыемства суправаджалася электроннай прэзентацыяй. Дапоўніў мерапрыемства агляд літаратуры па тэме Чарнобыля і інфармацыйны фільм “Горад-прывід Прыпяць”. 


Суботнік на Барысаўшчыне

   21 сакавіка на Барысаўшчыне прайшоў другі з пачатку вясны суботнік. У апошнія тыдні на вуліцах горада можна было часта ўбачыць вучняў школ і сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі, працаўнікоў прадпрыемстваў і ЖКГ, якія, узяўшыся за венікі і граблі, наводзілі парадак на гарадскіх вуліцах.
   Масавы ўдзел у суботніку прынялі вучні і педагогі ДУА «Беларускамоўная гімназія № 2 г. Барысава», якія прыбіралі на замацаванай за ўстановай тэрыторыі лісце і галіны дрэў, прыводзілі ў парадак клумбы.
   Зроблена шмат, але многае яшчэ наперадзе  


Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь

             14 сакавіка вучні 8-11 класаў прынялі ўдзел у рэспубліканскай акцыі "Мы - грамадзяне Беларусі", прысвечанай Дню Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Кожны падлетак, якому споўнілася 14 гадоў атрымаў падарачны набор ад Прэзідэнта нашай краіны. Запомнілася акцыя яшчэ і тым, што 79 вучняў нашай гімназіі ў гэты дзень атрымалі членскія білеты і значкі ГА "БРСМ" і папоўнілі рады самай моладзевай арганізацыі. Пасля ўрачыстай часткі мерапрыемства, для сборных каманд быў праведзены турнір па піянерболе і валейболе. Пераможцамі сталі вучні 8-х і 10-11-х класаў, вучні 9-х класаў занялі 2 месца


Мы – грамадзяне Беларусі     

        У чацвер, 12 сакавіка, напярэдадні Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, на базе ДУА «Сярэдняя школа №7 г. Барысава» ў рамках усебеларускай патрыятычнай акцыі «Мы – грамадзяне Беларусі!» 3 вучняў з нашай гімназіі (Дышлевіч Анастасія, Малашкевіч Эліна і Хорава Эдуарда) прынялі ўдзел ва ўрачыстай цырымоніі ўручэння пашпартоў лепшым навучэнцам устаноў адукацыі Барысаўшчыны. Ганаровымі госцямі на цэрэмоніі былі: старшыня Барысаўскага райвыканкама В.В. Мірановіч; старшыня Барысаўскага раённага Савета дэпутатаў П.В. Навіцкі; начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Барысаўскага райвыканкама Т.У. Пракапенкава; старшыня Барысаўскай раённай арганізацыі РгА «Белая Русь» В.Д. Васільеў; воін-інтэрнацыяналіст, ветэран Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, падпалкоўнік запасу Ф.Д. Котаў; прадстаўнікі РГА «БРСМ»

Изображение 312


Юныя чытальнікі

         5 сакавіка для вучняў 1-3 класаў быў праведзены конкурс чытальнікаў "Ад прадзедаў спакон вякоў", прысвечаны 70-годдзю заканчэння Вялікай Айчыннай вайны. Тэма была выбрана сур'ёзная, але вучні добра справіліся. Яны падрыхтавалі вершы і песні на беларускай мове пра вайну і Айчыну, мір і прыгажосць нашай краіны. Усе вучні атрымалі дыпломы ўдзельнікаў, а лепшымі чытальнікамі сталі Маскевіч Ксенія, Касцюкоў Аляксей і Небышынец Алена


Выхоўваем патрыётаў

         Люты – багаты месяц на знамянальныя даты з гісторыі нашай краіны. Менавіта таму ў гэты час у гімназіі традыцыйна праходзіць месячнік грамадзянска-патрыятычнага выхавання.
      Сёлета ён пачаўся з выступлення агітбрыгады, прымеркаванага да Дня юнага героя-антыфашыста. 8 лютага на агульнагімназічнай інфармацыйнай гадзіне «Успомнім усіх пайменна» члены піянерскай дружыны імя М.Г.Мармулёва і пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання «БРСМ» аддалі дань павагі і ўдзячнасці гераізму і мужнасці юных патрыётаў, якія, не зважаючы на ўзрост, змагаліся з ворагам у гады ваеннага ліхалецця побач з бацькамі. 


Барысаўская лыжня

  21 лютага педагогі гімназіі прынялі ўдзел  у зімовым спартыўным свяце "Барысаўская лыжня 2015" сярод педагагічных работнікаў устаноў адукацыі Барысаўскага раёна, прысвечанага Году моладзі і 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Зарад бадзёрасці, энергіі і цудоўнага настрою стаў лепшым падарункам усім удзельнікам

Акцыя "Я люблю Беларусь"

               14 лютага ў нашай гімназіі праходзіла акцыя «Я люблю Беларусь!» у рамках Усебеларускай акцыі ГА «БРСМ» - "За любімую Беларусь!". На аформленым стэндзе дзеці пісалі пажаданні міру і росквіту, дабра і дабрабыту сваёй роднай краіне на чырвоных і зялёных сэрцайках. Больш за 150 вучняў прынялі ўдзел у акцыі.


Конкурс чытальнікаў "Ад прадзедаў спакон вякоў..."

       14 лютага адбыўся адкрыты конкурс чытальнікаў “Ад прадзедаў спакон вякоў…”. Ён быў прысвечаны 70-годдзю заканчэння Вялікай Айчыннай вайны. Былі падрыхтаваны вершы беларускіх аўтараў. Вучні паказалі добрае валоданне беларускай мовай.
       У конкурсе прынялі ўдзел вучні з чацвертага па сёмы клас. Пераможцамі сталі вучні 4 “А” класа, другое месца занялі вучні 6 “Б” класа, вучні 7 “А” класа занялі 3 месца. Усе вучні атрымалі дыпломы удзельнікаў.


Афган у памяці маёй

           15 лютага 2015 годзе споўнілася роўна 26 гадоў з таго часу, калі апошнія падраздзяленні савецкіх Узброеных сіл пакінулі тэрыторыю Афганістана. Кожны год у гімназіі праводзяцца пазакласныя мерапрыемствы, каб успомніць мінулае і ўшанаваць памяць аб загінулых воінах. Па ўсёй краіне ў гэты дзень традыцыйна праходзяць мітынгі і памятныя мерапрыемствы. 17 лютага перад вучнямі 7-11 класаў выступіў Дакука С.І., кіраўнік музея афганскай вайны.  Ён паведаміў аб той трагедыі, якая адбылася ў Афганістане. Потым усе вучні праглядзелі дакументальны фільм “Афган”


Урок мужнасці

   Памяць - наша гісторыя. Якім будзе наш погляд на яе, такім будзе ў нас заўтрашні дзень. Сцёршы мінулае, мы сціраем будучыню. Таму ўжо стала традыцыяй праводзіць у гімназіі ўрокі мужнасці.
  70 год назад скончылася Вялікая Айчынная вайна. У гонар гэтай памятнай даты 18 лютага ў актавай зале сабраліся вучні 9-11 класаў, каб аддаць даніну памяці загінуўшым.
  Ганаровым госцем на мерапрыемстве быў падпалкоўнік у адстаўцы, удзельнік баявых дзеянняў у Афганістане, Вольскі Уладзімір Мікалаевіч.
   Пачаўся ўрок мужнасці з літаратурна-музыкальнай кампазіцыі. Вучні ўзгадалі ў нашай памяці тыя падзеі, якія адбываліся 70 гадоў таму.
   Хвілінай маўчання была ўшанавана памяць загінуўшых.
   Затым слова было прадстаўлена госцю – У.М.Вольскаму, які расказаў аб сваёй нялёгкай службе, аб жыцці пасля той вайны

.

Дзяцінства, абпаленае вайной

          Літаратурна-музычную кампазіцыю “Дзяцінства, абпаленае вайной” прапанавала вучням 5 “А” і 5 “Б” класаў загадчык бібліятэкі гімназіі Вольга Уладзіміраўна Антаневіч.
         У 2015 годзе Беларусь святкуе 70-годдзе Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Побач з дарослымі на абарону Радзімы сталі  дзеці. Марат Казей, Васіль Карабко, Юта Бандароўская, Аркадзь Каманін, Саша Барадулін, Галя Комлева, Віця Хаменка, Шура Кобер, Валодзя Казначэеў, Ніна Кукаверава, Люся Чалоўская – сваім гераічным жыццём падаюць прыклад сучасным піянерам, вучаць любові да Радзімы, мужнасці і адданасці.
  У мерапрыемстве выкарыстоўваліся вершы С.Шчыпачова, Ул.Аляксеева, песні “Піянеры-героі”, “Несумяшчальныя дзеці і вайна”, а таксама відэаролік “Дзеці-героі”. Літаратурна-музычная кампазіцыя суправаджалася электроннай прэзентацыяй і выставай партрэтаў герояў.


Шлях да “Зорнага кошыка”

         Шлях  да “Зорнага кошыка” – назва кніжнай выставы і сустрэчы, на якую завітала да вучняў восьмых класаў ДУА “Беларускамоўная гімназія №2 г. Барысава” таленавітая паэтэса, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, кіраўнік  Барысаўскага літаратурнага аб’яднання “Натхненне” Лёля Багдановіч.
         Мерапрыемства, падрыхтаванае бібліятэкарамі гімназіі Вольгай Антаневіч і Таццянай Маслюковай, адбылося на базе вучэбна-метадычнага цэнтра беларускай культуры. Ужо з першых радкоў трапяткога верша “Праганю тваю хваробу”, прысвечанага маці, Лёля Багдановіч цалкам завалодала ўвагай вучняў. Паэтэса пазнаёміла  прысутных з першым сваім паэтычным зборнікам “Зорны кошык”, з публікацыямі ў рэспубліканскім і мясцовым друку, чытала рознатэматычныя вершы, загадвала загадкі. Прагучаў і новы верш “У вясёлкавай спадніцы”, складзены за дзень да сустрэчы. Вершы на роднай мове з вуснаў Лёлі Уладзіміраўны гучаць сакавіта і мілагучна. Вельмі спадабаліся песні паэтэсы на ўласныя вершы, асабліва пра падлеткаў “Под парусом лета”.
         Цікава было даведацца школьнікам і пра калектыўныя зборнікі членаў літаратурнага аб’яднання “Натхненне” – “Прыстанак душы”, “Званы памяці”, “І зоркі над Бярэзінай- ракой…”, “З усмешкай і ўсур’ёз”. Іх складаюць вершы лірычнай і грамадскай накіраванасці, апавяданні, байкі, гумарэскі барысаўскіх паэтаў. Радасна, што да 70-годдзя Перамогі чакаецца ў “Натхнення” выхад новага зборніка вершаў  “Помнім герояў сваіх”.
         Лёля Уладзміраўна шчодра дарыла дзецям цеплыню свайго сэрца і добры настрой. Скончылася сустрэча фатаграфаваннем на ўспамін.


Сустрэча з карэспандэнтам

         У рамках Года моладзі прайшла незабыўная  сустрэча для членаў гуртка “Юны журналіст”, які дзейнічае ў ДУА “Беларускамоўная гімназія №2 г. Барысава”, з карэспандэнтам газеты “Мінская праўда”. Абласной газеце ў гэтым годзе спаўняецца 65 год.
         Кіраўніком гуртка, створанага пры бібліятэцы, з’яўляецца Таццяна Маслюкова. Майстар-клас ад карэспандэта Алёны Драздоўскай вельмі зацікавіў гурткоўцаў. Вучні даведаліся аб працы рэдакцыі,  пазнаёміліся з сістэмай стварэння газеты. Асабліва спадабалася юным журналістам практычнае заданне: вёрстка газеты ўручную. У канцы занятку атрымалася дзве спецыяльныя газеты “Мінская праўда вачамі гімназістаў”. На ўспамін аб сустрэчы Алёна Драздоўская кожнаму ўдзельніку гуртка падарыла сувеніры ад “Мінскай праўды”. 


Разам з вайскоўцамі

       20 лютага прайшла традыцыйная  сустрэча вучняў гімназіі і салдат з 740 зенітна-ракетнай брыгады. Спачатку армейцы наведалі музей афганскай вайны, экскурсію для іх правёў Дакука С.І., а потым прайшла спартландыя "Вясёлыя армейскія старты" і матчавая сустрэча па міні-футболе паміж камандай вайскоўцаў і вучняў 10-11 класаў. Для падтрымкі спартсменаў дзяўчаты-чарлідары з 7-х і 9-х класаў падрыхтавалі нумары. Успартландыі перамаглі госці, а лепшымі па міні-футболе сталі гімназісты. Скончылася сустрэча чаяпіццем 


Агітацыя ў БРСМ

         13 студзеня для вучняў 9-11 класаў была праведзена агітацыя ва ўступленне ў рады  грамадскай арганізацыі БРСМ. 70 вучняў пажадалі ўступіць у самае вялікае моладзевае аб'яднанне краіны. Мэтай арганізацыі з'яўляецца стварэнне ўмоў для ўсебаковага развіцця моладзі, расчыненні яго творчага патэнцыялу, садзейнічанні развіццю ў Рэспубліцы Беларусь грамадзянскага грамадства, заснаванага на патрыятычных і духоўна-маральных каштоўнасцях. Членам БРСМ можа быць любы грамадзянін Рэспублікі Беларусь, асобы без грамадзянства, а таксама замежныя грамадзяне, што пражываюць увесь час у Рэспубліцы Беларусь, ва ўзросце ад 14 да 31 гады, якія прызнаюць Статут і праграмныя дакументы арганізацыі.

 


 

 2015 год аб’яўлены ў Беларусі Годам моладзі 

      Як паведамілі ў прэс-службе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дакумент прыняты ў мэтах развіцця творчага, навуковага і прафесійнага патэнцыялу моладзі, яе актыўнага далучэння да правядзення сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў у Беларусі, выхавання пачуцця патрыятызму і грамадзянскай адказнасці ў маладых грамадзян.
     Абвяшчэнне 2015 года Годам моладзі прыцягне дадатковую ўвагу органаў дзяржаўнага кіравання, шырокай грамадскасці да пытанняў рэалізацыі асноўных напрамкаў дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў Беларусі.
     Трэба адзначыць, што на пачатак 2014 года ў Беларусі колькасць моладзі ва ўзросце ад 14 гадоў да 31 года складала 2,185 млн чалавек, або 23,08 працэнта агульнай колькасці насельніцтва краіны.


Акцыя "Нашы дзеці"

    Снежань у ДУА “Беларускамоўная гімназія №2 г.Барысава” заўсёды насычаны цікавамі перадсвяточнымі мерапрыемствамі. Снежань 2014 года не быў выключэннем. 22 снежня гімназія  гасцінна  расчыніла  дверы і запрасіла  бацькоў на дабрачынны святочны канцэрт “Калядная зорка”. Канцэртная праграма пад такой назвай ў гімназіі праводзіцца кожны год. Гэта творчая справаздача  ўсіх творчых  музычных калектываў, таму паглядзець і паслухаць сваіх таленавітых дзяцей прыходзілі  сем’ямі. У актавай зале на 260 месц прыйшлося арганізоўваць дадатковыя месцы. Канцэртная праграма, складзеная з 24 музычных нумароў і  тэатралізацыяй працягваліся амаль дзве гадзіны, але гэта было сапраўдным святам як для вучняў, так і для бацькоў, якое запомніцца надоўга.


Пасвячэнне ў акцябраты

           15 лістапада стала незвычайным для 71 другакласніка нашай гімназіі. Па-святочнаму апранутыя, з добрым настроем яны, здавалася, нават пасталелі, сталі больш арганізаванымі. Інакш і быць не магло, у іх жа свята: прыём у акцябраты!
         Старэйшыя сябры-піянеры разам з педагогам-арганізатарам Пушкінай А.Г. падрыхтавалі для будучых акцябрат цікавую забаўляльную праграму з загадкамі і гульнямі. Юныя піянеры паведамілі малодшым сябрам пра гісторыю сваёй арганізацыі.

           Кульмінацыяй урачыстасці  стаў вынас піянерскага сцяга. Дзеці ўспомнілі законы акцябрат і паабяцалі абараняць сваю прыроду, быць ветлівымі і ўважлівымі, ведаць беларускія абрады, пазнаваць гісторыю сваёй рэспублікі, апраўдаць званне “акцябронка”  і рыхтавацца да прыёму ў піянеры.
           Акцябрацкія зорачкі ўручылі піянеры нашай гімназічнай дружыны імя героя Савецкага Саюза Міхаіла Глебавіча Мармулёва.
           Дырэктар гімназіі Скурат Алена Віктараўна павіншавала юных акцябрат і іх бацькоў і ўручыла камандзірам атрадаў “Вясёлка”, “Бусляняты” і “Сузор’е” сувеніры на памяць аб значнай падзеі. Вельмі сардэчна і з цеплынёй павіншавала акцябрат Маслюкова Т.А., мама адной з вучаніц. 
            Вясёлыя і шчаслівыя, з добрым настроем разыходзіліся з гімназіі нашы юныя грамадзяне, будучае нашай краіны.